ЧЫРВО́НАЕ ВО́ЗЕРА, Князь-возера,
Чырвонае Палессе. У Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Прыпяць, за 19 км на ПнУ ад г. Жыткавічы, каля в. Ляхавічы. Пры ўзроўні 136,4 м пл. люстра 43,79 км² (3-е па плошчы возера на Беларусі), даўж. 12,1 км, найб. шыр. 5,2 км, найб. глыб. 4 м, даўж. берагавой лініі 30,8 км. Пл. вадазбору 280 км². Катлавіна рэшткавага тыпу, авальная, злёгку выцягнута з ПнЗ на ПдУ. Зах. схілы катлавіны спадзістыя, зліваюцца з прылеглымі асушанымі балотамі, паўд. — асобныя пясчаныя ўзгоркі, паўн. і ўсх. павышаюцца да 20—25 м. Берагі нізкія, тарфяністыя. Дно сподкападобнай формы, сапрапелістае (сапрапель здабываюць на ўгнаенне), уздоўж паўн.-ўсх. і паўд.-зах. берагоў пясчанае і пясчана-ілістае. 5 астравоў агульнай пл. 0,06 км². Ледастаў з канца ліст. да канца сак. — пач. красавіка. Адзначаецца пастаянны дэфіцыт кіслароду, высокая колернасць вады, зімой здараюцца заморы рыбы. Зарастае вельмі слаба. Упадаюць некалькі каналаў, у т. л. Восаўскі, Дубрава і Чырвонаазёрскі, р. Дземенка; выцякаюць каналы Азёрны, Жыткавіцкі і Марохараўскі. Выкарыстоўваецца ў рыбагаспадарчых і рэкрэацыйных мэтах, як крыніца вады на арашэнне.
т. 17, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)